Усе навiны 20 Снежня 2016

Мінская мапа-маляванка

На сайце mmmmapa.by месціцца мінская маляванка — анлайн-сэрвіс па размалёўванні горада, які мы прыдумалі разам са сталічным мастаком-манументалістам Міцяй Післяком. У сэрвісе “сядзяць” адначасова ўсе — горад размалёўваецца талакой і мяняецца на вачах.  

Мы выбралі вуліцы, праспекты і паркі ад Нямігі да галерэі “Ў” і ад Палаца Спорту да Кастрычніцкай. Па горадзе шпацыруюць пчолкі, шукальнікі вады, бразільскія карнавальныя танцоўшчыцы, спартсменка Дар’я Домрачава з дзіцячым вазком, бацька-заснавальнік RG Сяргей Восіпаў з сабачкам, Марат Казей, бобрык, аўтазак ды іншыя. Колеры для істот і аб’ектаў — на сумленні кожнага з гульцоў у маляванку. 

— Тэма горада, асабліва мінская тэма, мне даўно цікавая. І прапанова RG зрабіць малюнак, які кожны зможа размалёўваць, стала дарэчнай. Я не рабіў тэхнічную схему для турыста. Гэта не дакладная геаграфія, але паэтычная псіхагеаграфія. То-бок маляваліся запамінальныя і памятныя будынкі, а таксама персанажы. Напрыклад, Гадзіла. Гэта мой любімы герой тут. Вобраз адлюстроўвае дух свабоды і непрадказальнасць, магчымасць быць тым, кім хочацца. Але самае галоўнае ў мапе — калектыўнае размалёўванне, акт адначасовага мастацкага ўзаемадзеяння незнаёмцаў. Гэта той досвед, што не купіш ні за якія грошы, — кажа мінскі мастак-манументаліст Міця Післяк, які зрабіў рысунак маляванкі.  

Мапа размалёўваецца ў рэжыме анлайн адначасова некалькімі “мастакамі”. Галоўнае — паспець перахапіць неабходны колер і ўпадабаны аб’ект. І адкрыць сваё сэрца на нечаканыя перамены і неспадзяванкі.

— Мы прыдумалі падарунак, які перажыве калядны вэрхал і спатрэбіцца доўгімі зімовымі вечарамі. Зараз рыхтуецца наклад папяровай мапы. З гэтым плакатам можна будзе працаваць усёй сям’ёй ці павесіць на сцяну ў офісе і крыху сарваць наладжаны працоўны працэс, — кажа дырэктар RG Надзея Зелянкова.  

Папяровая мінская мапа-маляванка будзе ідэальным падарункам для жыхароў сталічнага цэнтра і прадмесцяў. Для тых, хто жадае зрабіць прыемнае іншаземцу. Для тых, хто стаміўся ад мінскай шэрасці і прагне каляровых зменаў седзячы на канапе. Для “зялёных” супрацоўнікаў Uber, якія панаехалі. Для тых, хто не прыдумаў падарунка лепш.       
Аўдыторыя: дзеці і дарослыя дзеці ад 5 гадоў, якія маюць здольнасць да распазнавання колераў. Як атрымаць папяровую мапу: пакіньце свой email на сайце mmmmapa.by — мы паведамім, калі зробім наклад на продаж, і вы атрымаеце яўкі, паролі і тэрміны.