Новы сайт для “Лідскага піва”

Клиент

ААТ «Лідскае піва» — легендарнае беларускае прадпрыемства, на якім вараць піва «ЛІДСКАЕ», Koronet, Warsteiner, Sandels, «Калекцыю майстра», сідр Fizz, самы любімы беларусамі «Лідскі квас» і выпускаюць напіткі брэнда Pepsi.

Задача

Прыдумаць, якім павінен быць новы сайт «Лідскага». Напісаць, зняць, адрэдагаваць, намаляваць, звярстаць, запраграміраваць — увасобіць у жыццё.

Работы

Канцэпцыя → Дызайн → Візуальны матэрыял: фатаграфіі, ілюстрацыі → Тэксты на беларускай і рускай мовах → Праграміраванне → Вёрстка → Тэсціраванне.

Гісторыя

Захапляльная гісторыя завода ў Лідзе — ключ да ідэі сайта. Коратка. 1876 год, Носель Пупко пачынае варыць піва ў Лідзе. Лакальны стартап вырастае ў фірму, якой даюць узнагароды на модных еўрапейскіх выставах рубяжа вякоў. У кампанію прыходзяць сыны. Хутка піва вараць у Лідзе столькі, колькі нідзе на тэрыторыі Беларусі. Мінск адпачывае.

А потым. Першая сусветная і першы безалкагольны вопыт, квас для чырвонаармейцаў, цяжкія дні польскай акупацыі, фашысты ў горадзе, партызаны на провадзе, англійскія шпіёны на савецкім банкеце пад роў сакрэтных самалётаў, а піва «Лідскае» — выдатны савецкі брэнд…
Мы выявілі прыгодніцкі сюжэт жанру нон-фікшн. Галоўныя героі: лідска-яўрэйскія і лідска-савецкія півавары. Success story на фоне Вялікай Гісторыі. Што мы з усім гэтым зрабілі?

Галоўная старонка сайта — працяглая гістарычная таймлайн-панарама. Метафару «гістарычны фон» мы вырашылі прачытаць літаральна. Мастак Лёша Лімонаў (прапіска — Ліда) намаляваў «доўгі» горад. Ідуць гады — мяняецца ландшафт, на ім дзейнічаюць сучасныя героі. Чытач можа рухацца лінейна. Пераходзіць ад артэфакта да артэфакта, ад персанажа да персанажа, ад эпохі да эпохі. А можа ныраць з галоўнай у «Гісторыю» і падрабязна вывучаць сюжэты, анекдоты, падзеі, лічбы.

Мы стрэслі пыл з музейных старажытнасцей: піўных бутэлек, этыкетак, старых фатаграфій, схем i планаў, медалёў і лагатыпаў. Размаўлялі з гісторыкамі, чыталі рукапісы і pdf, наводзілі даведкі. У выніку да вялікай «Гісторыі» прыраслі раздзелы «Піўны архіў» і «Узнагароды». Першы збірае гісторыі і малюнкі пра гатункі піва, якія завод кладзе на паліцу. Другі — летапіс перамог і ганаровых адзнак на конкурсах.

Пра сучаснае насычанае жыццё прадпрыемства расказваюць адразу два раздзелы. У #Лідскім — усё лідскае, мясцовае і матэрыяльнае. У «Праектах» — святы, фестывалі, конкурсы і іншыя падзеі, якія ініцыіруе піўзавод.

«Мінулая версія сайта адкрылася ў 2011 годзе. За гэты час яна састарэла і перастала спраўляцца з усімі ўскладзенымі на яе задачамі. Цяпер сайт не толькі абнавіўся знешне, але і перайшоў на дамен lidskae.by — і адразу запрацаваў у беларускамоўнай версіі. Гэтыя змяненні вельмі важныя для нас. Даменнае імя і сайт на беларускай мове падкрэсліваюць карані кампаніі і адсылаюць да флагманскага піўнога брэнда «ЛІДСКАЕ».

Частка прадуктаў ААТ «Лідскае піва» — піва «ЛІДСКАЕ» і крафтавая «Калекцыя Майстра» — ужо «камунікуюць» са спажыўцом па-беларуску. Новы сайт будзе развіваць нашу карпаратыўную сацыяльную місію па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ў кампаніі і за яе межамі», — кажа Ірына Капілава, дырэктар па маркетынгу ААТ «Лідскае піва».

Інструментальная задача: на lidskae.by можна запісацца на экскурсію, запоўніўшы невялікую анкету. А яшчэ пакінуць рэзюмэ і расказаць пра сябе, калі хочаце працаваць з легендарным піўным брэндам Беларусі.
Людзі пішуць у сацыяльных сетках: «Выдатны прадукт, выдатная рэклама, выдатная праца прафесіяналаў» і «Файны сайт! Лідскае — лепшае! Поспехаў!» Дзякуй ім за тое.

Тытры

дырэктар па маркетынгу ААТ «Лідскае піва»
Ірына Капілава

менеджар па карпаратыўных камунікацыях ААТ «Лідскае піва»
Наталля Яфімкіна

спецыяліст па карпаратыўных камунікацыях ААТ «Лідскае піва»
Надзея Мікалаева

дырэктар Red Graphic
Надзя Зелянкова

дырэктар па рабоце з кліентамі Red Graphic
Таня Рагоўская

арт-дырэктар Red Graphic
Захар Шлімакоў

крэатыўны дырэктар Red Graphic
Дзяніс Клявіцкі

праектаванне
Саша Якаўлеў

дызайн
Сяргей Грыдзюшка

ілюстрацыі
Лёша Лімонаў

фатаграфіі
Ян Карпаў

тэхнічны дырэктар Red Graphic
Аляксей Русецкі

праграміраванне
Жэня Голубеў

вёрстка
Іван Пасечны

падрабязныя гістарычныя кансультацыі
Валерый Слиўкін