Прафесійная суполка маркетолагаў

Кліент

marketing.by, спецыялізаваны інтэрнэт-рэсурс пра маркетынг, рэкламу і брэндынг у Рэспубліцы Беларусь.

Мэтавая аўдыторыя

Спецыялісты ў сферы маркетынгу, рэкламы і PR, прадстаўнікі СМІ, кіраўнікі кампаній, бізнес-кансультанты.

Задача

Распрацаваць фірмовы стыль, абнавіць дызайн сайта; рэарганізаваць сістэму кіравання сайтам; карэктна перанесці існуючую інфармацыю на новую пляцоўку.

Працы

Распрацоўка лагатыпа і фірмовага стылю; канцэпцыя дызайну сайта, праектаванне, дызайн, праграмаванне, вёрстка.

Запуск
Лістапад 2014 г.

Пра праект

Сайт marketing.by быў распрацаваны намі ў 2006 годзе. Навіны, кейсы, інтэрв'ю, свежыя вакансіі – рэдакцыя marketing.by заўсёды ў курсе таго, што цікава маркетолагам краіны. З дня заснавання праект лічыцца найлепшай профільнай беларускай пляцоўкай, яго чытаюць спецыялісты, на яго спасылаюцца іншыя СМІ. Аднак з цягам часу праграмнае ядро і сістэма кіравання сайтам састарэлі і патрабавалі поўнага абнаўлення. Страціў актуальнасць і дызайн рэсурсу.
Такім чынам, перад намі стаяла задача асучасніць сайт, зрабіць яго больш зручным і прывабным. І вось што мы зрабілі.

Рашэнне

Праца над праектам ішла ў некалькі этапаў.
Найперш мы правялі аналітычны аўдыт рэсурсу: прааналізавалі шляхі карыстальнікаў па сайце, іх узаемадзеянне з кантэнтам. Былі вылучаны найбольш і найменш папулярныя блокі і старонкі; старонкі, з якіх часцей за ўсё сыходзілі карыстальнікі; старонкі з найбольшым працэнтам адмоў. У выніку аўдыту былі выяўлены асноўныя праблемы сайта, вырашэнне якіх лягло ў аснову задач на праектаванне.
Пры праектаванні шаблона стартавай старонкі асаблівая ўвага аддадзена кантэнту і зручнасці ўзаемадзеяння з ім. У абноўленай версіі структура сайта стала больш простай. Назапашаныя за сем гадоў працы публікацыі былі разнесены па пяці асноўных раздзелах – «Навіны рынку», «Аналітыка», «Кейсы», «Меркаванні», «Падзеі». У той жа час мы пакінулі карыстальнікам магчымасць фільтраваць матэрыялы па розных тэматыках (у новай версіі сайта іх стала больш за 40). Асобна вынесены новыя раздзелы «Бізнес-навучанне» і «Вакансіі», якія кліент плануе ў будучым ператварыць у паўнавартасныя сэрвісы.
Каб уцягнуць карыстальнікаў у камунікацыю, мы прыбралі абавязковую рэгістрацыю на сайце, замяніўшы яе знешняй сістэмай каментавання. Цяпер наведвальнікі могуць абмяркоўваць матэрыялы, аўтарызаваўшыся на сайце праз адну з сацыяльных сетак. Гэта вельмі проста!
Для прыцягнення дадатковага трафіку на сайт да ўсіх матэрыялаў мы дадалі кнопкі «Падзяліцца» (і дамагліся прыцягнення новых карыстальнікаў з сацсетак – паглядзіце вынікі ніжэй).
Адначасова мы перапрацавалі сістэму кіравання сайтам. Новы Маркетынг быў пераведзены на CMS 1С-Bitrix. Кліент атрымаў магчымасць больш паўнавартасна кіраваць кантэнтам: выкарыстоўваць разнастайныя шаблоны пры афармленні матэрыялаў, самастойна дадаваць на сайт новыя раздзелы. Блокавая структура дазваляе ў любы момант расстаўляць або змяняць сэнсавыя і візуальныя акцэнты на старонцы. У аснове шаблона ляжыць гнуткая сетка: пры даданні новай публікацыі ўсе блогі перагрупоўваюцца.
І, нарэшце, мы перапрацавалі фірмовы стыль сайта і яго лагатып. Таксама быў падрыхтаваны гайдлайн па выкарыстанні іконак і ілюстрацый на сайце.

Вынікі

Мы параўналі паказчыкі снежня-студзеня 2014 і адпаведныя месяцы 2015 і вызначылі, што у выніку рэдызайну сайта колькасць сеансаў павялічылася на 24,33%. На 15,04% павялічылася колькасць новых сеансаў, на 83,54% – колькасць сеансаў з сацыяльных сетак. Увогуле на сайт стала прыходзіць на 35,68% больш карыстальнікаў. Акрамя гэтага, змяніліся паводзіны карыстальнікаў на сайце. На 26,58% павялічылася колькасць прагледжаных старонак. На 1,82% павялічылася колькасць старонак на сеанс, на 17,94% зменшыўся працэнт адмоваў са стартавай старонкі.

Рабочая група

распрацоўка фірмовага стылю, дызайн лагатыпа Захар Шлімакоў

дызайн сайта Захар Шлімакоў, Алег Лабунскі

праектаванне, прататыпаванне Саша Смародскі

вёрстка Саша Шынкевіч

праграмаванне Дзіма Будніцкі, Саша Дыеспераў

тэхнічны дырэктар Саша Якаўлеў

праект-менеджар Насця Назарава